Механізмы прапаганды
Як працуюць канспіралогія, дэгуманізацыя, дыскрэдытацыя, стварэнне вобразу ворага, персаналізацыя ўлады, сакралізацыя гістарычнай памяці і іншыя механізмы, якія дазваляюць надаваць палітычна патрэбны сэнс падзеям.
Як аўтарытарная ўлада канструюе рэальнасць — і што гэта робіць з грамадствам
Беларуская прапаганда — гэта не толькі хлусня, маніпуляцыя або набор палітычных паведамленняў рэжыму.
Мы разглядаем яе як камунікацыйную сістэму ўлады, якая прапануе грамадству пэўную карціну свету: вызначае «сваіх» і «чужых», тлумачыць палітычныя рашэнні і рэпрэсіі, канструюе пагрозы, нормы і вобразы будучыні.
Нас цікавіць не толькі што гаворыць прапаганда, але і як яна працуе, навошта выкарыстоўвае пэўныя наратывы і якія наступствы гэта мае для людзей і публічнай сферы.
Серыя аб’ядноўвае даследаванні і аналітычныя працы Ірыны Сідорскай, якія праводзяцца з 2022 года ў супрацоўніцтве з беларускімі і міжнароднымі даследчымі, медыйнымі і грамадскімі арганізацыямі, і працягваецца ў межах даследчай працы «Кантрапункту».
Чатыры звязаныя вымярэнні прапаганды — ад прыёмаў да наступстваў
Як працуюць канспіралогія, дэгуманізацыя, дыскрэдытацыя, стварэнне вобразу ворага, персаналізацыя ўлады, сакралізацыя гістарычнай памяці і іншыя механізмы, якія дазваляюць надаваць палітычна патрэбны сэнс падзеям.
Як праз медыйную камунікацыю легітымізуюцца палітычны парадак, рэпрэсіі і сацыяльныя іерархіі — і як улада прадстаўляецца натуральнай, народнай, стабільнай і безальтэрнатыўнай.
Як прапаганда працуе з вайной і гістарычнай памяццю, адносінамі з Расіяй і Захадам, міграцыяй, культурай, гендарам, «традыцыйнымі каштоўнасцямі» і іншымі тэмамі, аб’ядноўваючы асобныя паведамленні ў больш устойлівыя інтэрпрэтацыйныя схемы.
Як прапаганда ўплывае на давер і сацыяльныя сувязі, на спосаб інтэрпрэтацыі ўласнага досведу, на грамадзянскую і прафесійную суб’ектнасць і на тое, якія магчымасці дзеяння чалавек лічыць для сябе рэальнымі.
2022—2025

Даследаванне было прысвечана таму, як беларускія дзяржаўныя медыя выкарыстоўваюць канспіралагічныя інтэрпрэтацыі грамадска-палітычных падзей: якія прыкметы дазваляюць іх распазнаць, навошта яны ўключаюцца ў прапагандысцкі дыскурс і як уплываюць на журналісцкія стандарты і ўспрыманне рэальнасці.
Ірына Сідорская была асноўнай эксперткай даследавання.
Па выніках даследавання ў Media IQ выйшаў асобны цыкл з шасці матэрыялаў — ад тлумачэння механізмаў тэорый змовы да аналізу таго, як беларускія дзяржаўныя медыя выкарыстоўваюць канспіралогію і маніпулююць з яе дапамогай грамадскім меркаваннем.


Гэта даследаванне пераносіць увагу з аналізу сённяшняй прапаганды на іншае пытанне: як не ўзнавіць прапагандысцкую мадэль дзяржаўнай камунікацыі пасля дэмакратычных зменаў.
Ірына Сідорская была сааўтаркай справаздачы. Праца рыхтавалася ў межах сумеснага праекта Беларускай асацыяцыі журналістаў і «Рэпарцёраў без межаў».
Даследаванне звязвае праблему прапаганды з больш шырокім пытаннем пра архітэктуру публічнай камунікацыі, ролю дзяржаўных медыя і прафесійныя стандарты ў дэмакратычнай Беларусі.
Чытаць справаздачу ↗

Даследаванне ахоплівае пяць розных кейсаў беларускай дзяржаўнай прапаганды. Яго задача — праз параўнанне розных тэматычных палёў выявіць асноўныя стратэгіі і тактыкі прапагандысцкага ўздзеяння і распаўсюду дэзінфармацыі.
Ірына Сідорская падрыхтавала аналітычную частку даследавання па ўсіх пяці кейсах на падставе праведзенага маніторынгу і першаснага аналізу.
Гэта дазволіла не проста зафіксаваць асобныя паведамленні, а выявіць больш устойлівыя схемы: легітымацыю ўлады, канструяванне вобразу ворага, выкарыстанне гістарычнай памяці, культурную і каштоўнасную палярызацыю, дыскрэдытацыю дэмакратычных актараў і стварэнне вобразу Беларусі як «моцнай», «мірнай» і «незалежнай» дзяржавы.
Напрыклад, у кейсе «3 ліпеня» аналіз 34 арыгінальных медыятэкстаў выявіў 19 асноўных наратываў, згрупаваных у пяць кластараў — ад вайны і гістарычнай памяці да культу Лукашэнкі, геапалітыкі і апраўдання сацыяльных цяжкасцяў.
У кейсе «Славянскага базару» аналіз паказаў, як культурная падзея становіцца шматфункцыянальнай прапагандысцкай платформай: для легітымацыі ўлады, саюзу з Расіяй, антызаходняй мабілізацыі і прасоўвання «традыцыйных каштоўнасцяў».
Даследаванне было апублікавана пад калектыўным найменнем Belarusian Centre for Strategic Communications. Праект фінансаваўся Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча ў межах праграмы Public Diplomacy 2024–2025 – the European dimension and countering disinformation.
Чытаць даследаванне ↗Тэма даследавалася Ірынай Сідорскай і Дзмітрыем Нікановічам як сумесна, так і ў межах асобных даследчых прац. Дзмітрый Нікановіч — кандыдат навук у галіне камунікацыі і медыя, незалежны даследчык.
Выніковы навуковы артыкул быў падрыхтаваны ў сааўтарстве і аб’яднаў розныя часткі даследчага корпусу.
Праца ажыццяўлялася аўтарамі ў тым ліку ў межах публічнага задання Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча «Public Diplomacy 2024–2025 – European Dimension and Counteracting Disinformation».
У даследаванні аналізуецца, як беларускія дзяржаўныя медыя канструююць вобраз Польшчы і як асобныя сюжэты складаюцца ў больш шырокую прапагандысцкую мадэль.
У цэнтры ўвагі — не проста негатыўныя паведамленні пра Польшчу, а тое, якую функцыю гэты вобраз выконвае ва ўнутранай палітычнай камунікацыі беларускага рэжыму і легітымацыі аўтарытарнай улады.
Навуковы артыкул «Wizerunek Polski we współczesnej propagandzie reżimu Alaksandra Łukaszenki: dominujące narracje», падрыхтаваны Ірынай Сідорскай і Дзмітрыем Нікановічам па выніках даследавання, знаходзіцца ў друку.
Асобная старонка даследавання будзе дададзена пасля публікацыі артыкула
Даследчая праца суправаджаецца публічнай аналітыкай, якая дазваляе перакладаць вынікі даследаванняў у больш даступную форму і звязваць тэарэтычныя мадэлі з актуальнымі медыйнымі кейсамі.
У 2022–2025 гадах у Media IQ выйшлі некалькі паслядоўных аўтарскіх серый Ірыны Сідорскай пра прапаганду і публічную камунікацыю.
Пра слабыя сацыяльныя сувязі, даносы, дэгуманізацыю, памылкі публічнай камунікацыі і тролінг як механізм разбурэння камунікацыі
Пра прынцыповыя адрозненні паміж рознымі формамі інфармацыйна-камунікацыйнай дзейнасці і пра тое, чаму прапаганду нельга разглядаць проста як яшчэ адзін спосаб пераконвання
Пра прыкметы прапагандысцкіх паведамленняў, адрозненні прапаганды XXI стагоддзя, магчымасці журналістыкі і прафесійную працу з прапагандысцкім кантэнтам
Публічны аналітычны вынік даследавання канспіралогіі ў беларускіх дзяржаўных медыя
Дзяржаўная камунікацыя пра «традыцыйныя каштоўнасці», гендарныя ролі і «пагрозы» выкарыстоўвае механізмы, характэрныя для прапаганды ў цэлым. У Media IQ у 2023 годзе выйшла асобная трохчасткавая серыя пра тое, чаму дзяржаўная прапаганда занялася «абаронай традыцыйных каштоўнасцяў».
Гендар, медыя і ўлада →У даследаванні прафесійнай суб’ектнасці беларускіх вымушаных мігрантаў прапаганда разглядаецца ўжо не толькі як сістэма паведамленняў, але як фактар, здольны ўплываць на інтэрпрэтацыю чалавекам уласнага досведу і звужаць успрыманае поле магчымасцяў.
Недавыкарыстаны чалавечы капітал →Разуменне прапаганды патрэбнае не толькі для таго, каб выкрываць асобныя фэйкі.
Яно дазваляе ўбачыць, як камунікацыя становіцца часткай самой сістэмы ўлады: як яна ператварае палітычны выбар у «натуральны парадак», рэпрэсіі — у «абарону», залежнасць — у «незалежнасць», а адсутнасць альтэрнатывы — у грамадскі кансэнсус.
Таму даследаванне прапаганды для «Кантрапункту» — гэта даследаванне адначасова ўлады, публічнай сферы і чалавечай суб’ектнасці.