Даследчая архітэктура

Праграмы

Тры доўгатэрміновыя напрамкі даследаванняў

Даследчыя праграмы “Кантрапункту” вызначаюць доўгатэрміновыя напрамкі нашай працы. Кожная з іх аб’ядноўвае даследаванні, праекты і аналітычныя матэрыялы вакол комплексу ўзаемазвязаных праблем.

Гэтыя праграмы цесна звязаныя паміж сабой. Нас асабліва цікавяць сувязі паміж чалавечай суб’ектнасцю, уладай, няроўнасцю і публічнай камунікацыяй — тое, як змены на адным узроўні ўплываюць на іншыя.

Аднаўленне чалавечага патэнцыялу пасля аўтарытарызму

Што адбываецца з чалавечым патэнцыялам, калі аўтарытарызм, рэпрэсіі і вымушаная міграцыя парушаюць прафесійныя, сацыяльныя і жыццёвыя траекторыі людзей?

Мы даследуем, як аўтарытарызм, рэпрэсіі, вымушаная міграцыя і маштабныя грамадскія змены ўплываюць на здольнасць людзей выкарыстоўваць назапашаныя веды і досвед, захоўваць прафесійную і грамадскую суб’ектнасць і будаваць новыя траекторыі.

Нас цікавяць не толькі страты і бар’еры, але і механізмы аднаўлення: што дапамагае людзям выкарыстоўваць назапашаныя веды і досвед у новых умовах, перабудоўваць прафесійную ідэнтычнасць і сувязі, вяртаць магчымасць дзейнічаць і ўплываць на ўласнае жыццё і грамадства.

У фокусе

чалавечы капітал · прафесійная суб’ектнасць · вымушаная міграцыя · прафесійныя траекторыі · інтэграцыя · сацыяльныя сувязі

Цяперашні праект

“Недавыкарыстаны чалавечы капітал”

Пілотнае даследаванне таго, што адбываецца з назапашаным прафесійным і грамадзянскім капіталам беларусаў і беларусак 45+ пасля вымушанай міграцыі ў Польшчу.

Праект

Устойлівасць публічнай камунікацыі

Што дазваляе грамадству працягваць размову пра сябе ва ўмовах аўтарытарызму, рэпрэсій, прапаганды, палярызацыі і выгнання?

Мы даследуем умовы, пры якіх людзі і групы маюць права на голас, могуць атрымліваць і абмяркоўваць інфармацыю, прадстаўляць розныя пазіцыі, спрачацца і захоўваць давер да агульных правілаў грамадскай размовы.

Нас цікавіць, хто і на якіх умовах атрымлівае права на публічны голас, як фарміруюцца і разбураюцца давер і аўтарытэт, што робіць магчымым дыялог паміж рознымі групамі і што ператварае нязгоду ў палярызацыю і разрыў камунікацыі. Мы даследуем ролю медыя, палітычнай і інстытуцыйнай камунікацыі, прапаганды і стратэгічных наратываў у гэтых працэсах.

Асобны фокус — як змяняецца беларуская грамадская размова, калі грамадства падзелена дзяржаўнымі межамі, а значная яго частка жыве ва ўмовах рэпрэсій або выгнання.

У фокусе

права на голас · давер · дыялог · медыя · палітычная камунікацыя · прапаганда · палярызацыя · публічная адказнасць

Даследаванне

Механізмы і наступствы гендарнай няроўнасці

Як гендарныя нормы і структуры ўплываюць на размеркаванне ўлады, рэсурсаў, магчымасцяў і права на публічны голас?

Мы разглядаем гендар як адзін з механізмаў арганізацыі грамадства, які фарміруе сацыяльныя ролі, адносіны і няроўнасці і ўплывае на магчымасці людзей дзейнічаць у розных сферах жыцця.

Мы даследуем, як гендарныя нормы ствараюцца і ўзнаўляюцца праз медыя, палітычную камунікацыю, сацыяльныя інстытуты і паўсядзённыя практыкі; каму яны даюць больш магчымасцяў і аўтарытэту, а для каго ствараюць дадатковыя абмежаванні. Нас таксама цікавіць, як гендар перасякаецца з уладай, прапагандай, вымушанай міграцыяй, узростам і іншымі фактарамі сацыяльнай няроўнасці.

У фокусе

гендарныя нормы · улада · няроўнасць · медыя · сацыяльныя інстытуты · публічная камунікацыя · прапаганда · вымушаная міграцыя

Даследаванні
Агульная перспектыва

На скрыжаванні праграм

Даследчыя пытанні “Кантрапункту” часта ўзнікаюць на скрыжаванні розных праблем і перспектыў. Нас цікавіць, як улада і камунікацыя ўплываюць на здольнасць чалавека дзейнічаць; як сацыяльная няроўнасць праяўляецца ва ўмовах міграцыі; як прапаганда змяняе не толькі грамадскую размову, але і інтэрпрэтацыю людзьмі ўласнага досведу і магчымасцяў.

Таму тры праграмы — гэта не ізаляваныя тэматычныя палі, а розныя перспектывы, праз якія мы даследуем трансфармацыі чалавека, грамадства і публічнай камунікацыі.

Усе даследаванні
Made on
Tilda